АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).
А.Я.Міхневіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)